Читать книгу: «Жонка на гадзiну»

Шрифт:

© Сідарэйка А. П., 2019

© ТДА «Выдавецтва “Чатыры чвэрці”», 2019

Андрэй Сідарэйка

З гумарам аўтар пасябраваў даўно. Першую гумарэску напісаў падчас вучобы на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З ёю дэбютаваў у рэспубліканскім часопісе сатыры і гумару «Вожык» яшчэ ў 2009 годзе.

З таго часу ў творчым багажы пісьменніка з’явілася шмат вясёлых твораў. Іх жанравая палітра разнастайная. Гэта гумарэскі, іранескі, былі, фельетоны, міні-п’есы.

З чаго ў гумарыстычных творах смяецца аўтар? З чалавечых хібаў і заганаў, лайдакоў. Адлюстроўвае адвечныя ўзаемаадносіны мужчын і жанчын, выкрывае негатыўныя з’явы паўсядзённага жыцця, распавядае цікавыя студэнцкія і навагоднія гісторыі.

Калі казаць пра сур’ёзнае, то Андрэй Сідарэйка выступае і з апавяданнямі ў рэспубліканскіх выданнях краіны. Двойчы станавіўся лаўрэатам конкурсу апавяданняў Выдавецкага дома «Звязда».

Аўтар зычыць усім быць вясёлымі і шчаслівымі!

Гісторыйкі

Сідарава каза
Вясковыя гісторыйкі

Была ў мяне карова

Чалавек я вясковы. Люблю жыўнасць, прыроду. І карова ў мяне была. Зойкай звалі. Думаеце, мужчыны кароў не трымаюць? Трымаюць. Але калі ўжо распавядаць, то ўсё па парадку.

Прыходжу я на кірмаш. Бачу, чалавек карову прадае. Я – да яго.

– Колькі малака дае? – пытаюся.

А ён – мне:

– Ды тры разы па вядры.

Прызнацца, я, дурань, не ўдакладніў, менавіта чаго дае: малака, кефіра, смятаны альбо чаго іншага. Толькі падумаў: «Ого! Ну, два вядры, гэта я разумею. Гэта ва ўсіх так. Але каб тры!»

– А якое ж вядро? – распытваю ў чалавека далей.

– Ды вось пятнаццацілітровае заўсёды з сабою браў, дык амаль па поўным і давала, – адказвае ён.

– А ці не падманваеце?

– Навошта мне маніць? Купіце – і паглядзіце самі.

– А каштуе ваша кароўка колькі?

– Нядорага. Дапамагу яшчэ і дамоў завесці.

«Ат, – думаю, – грошы невялікія, вазьму, калі так». Заплаціў я за карову ды і пайшоў з ёй з кірмашу.

Прывёў дадому, травы, вады, буракоў даў. Ну і, канечне, вядро патрэбнае знайшоў. Пятнаццацілітровае. Сяджу, чакаю, калі час Зойку даіць надыдзе. Пачакаў, пачакаў ды і шмыгануў у хлеў.

Пачаў даіць. Малако струменьчыкам у вядро – цвырк-цвырк. А Зойка мая стаіць спакойна, не варухнецца, толькі з ноздраў пар пускае і ўсё жвачку сваю жуе. А я даю. Вось ужо і дзесяцілітровая мяжа перасягнута, а я ўсё – цвырк-цвырк. Надаіў амаль поўнае вядро, як тут маю Зойку нібы авадзень укусіў. Страпянулася ўся ды нагой па вядры – бух! Усё малако і разлілося. Толькі літр які на дне застаўся.

Што рабіць? Я зноў даў ёй травы, вады… Рацыён, што сказаць. Без яго нікуды. А калі прыйшла часіна даіць – скок у хлеў.

Пачаў даіць. Малако ў вядро ўжо аж раўчуком – плюх-плюх. А Зойка стаіць сабе спакойна ды жвачку жуе. Вось і восем літраў нацякло неўпрыкмет. Ну, думаю, зараз не падманеш мяне, Зоя. Не стану я цябе ўсю выдойваць. Яшчэ дзве кроплі – і хопіць. Толькі я так падумаў, як маёй Зойцы нібы хто перцу ў ноздры сыпануў. Галавой матнула ды па вядры нагой як бухне! Усё малако і разлілося. Мо з паўлітра ў вядры і засталося.

Што ж гэта за ліха такое!.. Я зноў ёй тое ж самае: вады, травы, буракоў. А сам сяджу з вядром на канапе і ўсё на гадзіннік паглядваю, калі прызначаная часіна настане. А як настала – хутчэй у хлеў.

Пачаў даіць. Малако ў вядро ўжо ледзьве не само цячэ. А Зойка стаіць, не зварухнецца. Хвіліна – і паўвядра малака. Ну, думаю, хопіць. Мы не скупыя, нам і столькі добра. Толькі так падумаў, як маёй Зойцы нібы хто табакi даў нюхнуць. Чмыхнула яна ды нагой па вядры як бухне! І кроплі лізнуць не засталося, не тое што літра.

Палічыў я – і сапраўды: тры разы па вядры атрымоўваецца. Не схлусіў чалавек. Праўду сказаў.

Пахадзіў затым некалькі дзён у хлеў, ды марна – малака як кот наплакаў.

Раззлаваўся я тады ды так Зойцы і сказаў:

– Штосьці я цябе, Зоя, не разумею. Даеш літр малака, а гною ўжо цэлы воз.

Узяў ды павёў яе на кірмаш.

Эх, была ў мяне карова. Цяпер каровы няма…

Цi ёсць зялёныя чалавечкi?

– А распавядзі, Адась, як вы з Ігнатам на рыбалку мінулым летам хадзілі, – папрасіў Патап.

Некалькі мужчын сядзелі познім летнім вечарам на лавачцы каля хаты.

– Дык я ж апавядаў, і не раз, – адмахнуўся той. – Гэтая гісторыя даўно быллём парасла.

– Усё адно, цікава было б паслухаць зноў, – падтрымаў просьбу таварыша Саўка.

– Ну, так і быць, распавяду. Пайшлі мы тады на рачулку, што каля Дзям’янава лесу. Закінулі вуды, чакаем. А каб рыбачыць было весялей, прыхапілі з сабой бутэльку. Сядзім, адпачываем… Праўда, не бярэцца рыбка.

– Што, так нічога і не злавілі? – пацікавіўся Рыгор.

– Ты лепш слухай, не перабівай, – незадаволена буркнуў Адась. – На кручку – пуста, у бутэльцы – апошняя кропля. Тут Ігнат і прапанаваў: «А давай у лес сходзім. Карасёў не налавілі, дык хоць грыбоў назбіраем». І сапраўды: гадзіну пахадзілі – амаль па вядры белых. Ужо дадому зазбіраліся, ды па дарозе набрылі на паляну. Глядзім – нейкая талерка вялізная стаіць. НЛА, ні даць ні ўзяць! У нас душа ў пяткі, валасы дыбам…

– Ты нас на мякіне не ашукаеш, – недаверліва адазваўся Апанас.

– Калі не хочаш – не слухай, а іншым не перашкаджай. Дык вось, з яе выйшлі тры дзіўныя зялёныя чалавечкі і накіраваліся да нас. Давай да сябе ў госці клікаць. У гэты аб’ект, значыць.

– Што, так па-нашаму і запрасілі? – не паверыў Патап.

– Цяжка растлумачыць, на якой мове, – адказаў Адась. – Быццам і не на нашай, а ўсё зразумела. Так шчыра прасілі, што мы не ўтрывалі, пайшлі.

– І як там? – пацікавіўся Саўка.

– Прыгожа ўсё. Як у старшыні ў кабінеце. Частаваць нас пачалі, стравы ўсе – заморскія. Ніколі ў жыцці такіх не бачыў.

– Дык адкуль яны прыляцелі? – перабіў апавядальніка Рыгор. – З Месяца ці з Марса?

– А я, думаеш, ведаю? – абурыўся Адась. – Калі было цікавіцца. Не думалі мы пра гэта.

– Можа, і гарэлка ў іх была свая? – запытаўся Апанас.

– Але, нейкую вадкасць дасталі. Таксама зялёную. Пілі мы яе, пілі, а яна ўсё не заканчвалася…

– Вось бы так і самагонка ніколі не пераводзілася, – выдыхнуў Саўка.

– Колькі мы там прабылі – не ведаем, – працягваў апавядальнік. – Скончылася тым, што яны прапанавалі: «А паляцелі з намі! Што вам тут рабіць?» Мы, вядома, спужаліся. Думаем, хопіць гасцяваць. Нам ісці, маўляў, патрэбна. Жонкі, дзеці чакаюць.

– А яны? – акругліў вочы Саўка.

– Што яны? І слухаць не хочуць. Кажуць, будзем там у іх важнымі персонамі. Ну, як аграном наш, не менш. Розных зямлян бачылі, але такіх, як мы, – упершыню.

– Ага, выдумляй, – усміхнуўся Рыгор. – І чым жа вы ім гэтак спадабаліся?

– Мы і самі не паверылі. Кажам, пайшлі з намі ў вёску, там такіх шмат. А яны: «Не. Нам патрэбны вы. Рэдкія экзэмпляры!» Маўляў, адказныя вельмі. Цэлы дзень на паплавок глядзелі, з месца не сыходзілі. Мы не разгубіліся: «А куды ж пойдзеш? Дома – агарод, дровы, а тут – прырода, раздолле…»

– А яны? – Саўку, відаць, вельмі захапіла гісторыя Адася.

– Не вераць нам. Прасілі іх, прасілі – ніяк. Думалі, давядзецца ляцець. Але тут заўважылі невялікі выхад ды як далі драпака! Адкуль толькі хапіла духу? Выбеглі з лесу – і ўсё. Як адрэзала. Што далей было, не памятаем.

– Як гэта? – здзівіўся Патап.

– А так. Апрытомнелі толькі наступнай раніцай каля рачулкі. Туды жонкі нашы прыйшлі, разбудзілі.

– Ха-ха-ха, – засмяўся Рыгор. – Дык гэта вам усё прыснілася!

– Хіба дваім магло прысніцца? – не пагадзіўся Адась.

– Вось я гэты аповед слухаю не першы раз, а цікава, – зазначыў Саўка.

– Слухай, Адась, а чаму вы з Ігнатам усё ж пабаяліся ляцець з прышэльцамі?

– Што б я там рабіў? Ды без Марыліных дранікаў з салам і яешняй.

Адась усміхнуўся і паглядзеў на неба. На ім з’явіліся зоркі і месяц.

– А так, канечне, хадзілі б зараз з Ігнатам вунь там і назіралі за вамі звысоку. Але на Зямлі весялей.

– Вось заўтра ў Ігната запытаем, як было на самай справе, – пажартаваў Саўка.

– Калі ласка, – пагадзіўся Адась.

І так сябрам захацелася даведацца, ці існуюць зялёныя чалавечкі, што назаўтра яны ўсёй кампаніяй адправіліся на рыбалку. Ці сустрэлі іншапланецян – невядома. Вядома толькі, што добра бавілі час, бо наступнай раніцай на беразе іх пабудзілі жонкі…

Сiдарава каза, цi Як усё было на самай справе

Мяне завуць Сідар. Вы, напэўна, лічыце, што я жорсткі і сварлівы чалавек? Канечне ж, адлупцаваў казу. Але яна сама вінаватая ў гэтым, бо парушыла нашу дамову. А пачалося ўсё так…

Аднойчы жонка кажа мне:

– Давай, купі казу. Казінае малако надта карыснае, імунітэт умацоўвае.

Я з жонкаю спрачацца не прывык. Таму назаўтра пайшоў на кірмаш і купіў казу.

Завёў яе на луг, прывязаў да дрэва. Праз гадзіну прыходжу – няма казы. Прыгледзеўся, а яна ў суседскім агародзе буракі прарэджвае ды на маладую капусту налягае. Выгнаў адтуль, зноў да дрэва прывязаў і дадому падыбаў.

Але неўзабаве не вытрымаў і зноў пабег на луг. А каза ўжо іншаму суседу агарод «палоць» дапамагае.

Я папярэдзіў рагатую:

– Будзеш карміцца чужымі агародамі, плаціць будзеш сваімі бакамі.

І дубец паказаў. Яна патрэсла барадой, маўляў, згодная.

Так і мінуў дзень.

Увечары жонка падаіла казу, паспытала малака ды кажа:

– Смачнае. Адразу адчула, як імунітэт умацоўваецца.

– Вядома, – адказваю, – гэта ж напой з суседскай капусты ды буракоў.

Чаму яму не быць смачным і карысным?

І сам ледзь не літр выпіў. Здалося, нават паздаравеў.

На наступны дзень я казу не прывязваў. Думаю, калі ў агарод чый завітае, то і добра, вітамінаў у малацэ больш будзе.

Так і пачалі жыць. Каза па чужых агародах ходзіць, а мы са старой імунітэт умацоўваем.

Аднойчы рагатая ў наш агарод завітала, гародніну нібы языком злізала. Як убачылі мы з жонкай такое, дык аж ціск падскочыў. Я адразу пабег дубец шукаць. Вярнуўся, а на двары старшыня сельсавета стаіць і суседзі сабраліся. Талкуюць: маўляў, ёсць сведкі, ваша скаціна нашыя агароды спляжыла, аплаціце ўрон пацярпелым. Што зробіш? Аддаў грошы.

Вечарам зайшоў у хлеў і кажу казе: «Я цябе папярэджваў, калі будзеш карміцца чужымі агародамі, плаціць будзеш сваімі бакамі? Ты не паслухала. Вось і атрымлівай». Лупцаваў яе не таму, што грошы суседзям давялося заплаціць, а таму, што каза на свой агарод вока кінула.

На наступны дзень завёў яе на кірмаш.

З таго часу я з козамі не сябрую і ні пра што не дамаўляюся. Слова яны не трымаюць. А што тычыцца імунітэту, то цяпер мы з жонкай павышаем яго гарбузовымі семкамі. Вітамінаў у іх – не пералічыць.


P. S. Узяць каментар у казы аўтару не атрымалася. Ніхто не ведае, дзе яна знаходзіцца. Ды наўрад ці мы пачулі б ад яе праўду. А ці верыць Сідару, вырашайце самі.

Падарунак ад сэрца
Сямейныя гісторыйкі

Цюльпаны, ружы i мiмозы

Іх супакоілі. Прадаўшчыцу і Мішку.

Мішка, якога выводзілі з крамы Воўка і Колька, усё ж сказаў на развітанне некалькі слоў. Маўляў, няякасны напітак рэалізуюць, дзяруць немалыя грошы, а пасля сцвярджаюць, што людзей губіць вада.

– А я тут прычым? – апраўдвалася прадаўшчыца. – Якое прывозяць, такое і рэалізуем.

Прадаўшчыца была мілавіднай, сярэдніх гадоў жанчына.

– На Вас зірнуць, то Вы нічога, а людзей дык дурыце, – сказаў у дзвярах Мішка.

– Усе вы так, мужчыны, кажаце, – паляцела наўздагон сумнае, жаночае. – А самі зіркаеце не на прыстойную і прывабную, а на прылавак.

На вуліцы да нас падскочыў Сашка. Утварылася кампанія. Была нядзеля, таму ніхто не спяшаўся. Мішка выцягнуў з кішэні штаноў «зялёны» грошык і пакруціў яго ў паветры перад нашымі насамі. Мы былі не супраць. Дастаўшы з кішэняў купюры рознай вартасці, прадэманстравалі перад Мішкам яго ж трук.

Адным словам, скінуліся.

Мішка з урачыстасцю зазначыў:

– Айчынную вытворчасць патрэбна падтрымлiваць: добрую і розную.

Што ж, купілі таматны сок.

Ужо за прылаўкам, распіваючы другую шклянку цягучай вадкасці, Мішка стаў гаварыць шчыра:

– Бач ты, як у жыцці атрымоўваецца, – пачаў ён здалёк, – да 23 лютага штодзень у каляндар часцей заглядвала Маша, а пасля я.

– Пэўна, «сямейны» каляндар вам прыйшоўся даспадобы, – разважыў Колька.

– Яшчэ б, – у тон адказаў Мішка, – асабліва, калі бачыш перад носам даты такіх грандыёзных маштабаў.

Сашка строга зазначыў:

– А дзе факты?!

Мішка факт выдаў:

– 8 сакавіка ўжо заўтра!

– Хіба?!

Мішка кіўнуў.

Мы дружна пачасалі патыліцы. У адрозненні ад Мішкі, з нас ніхто не меў звычкі заглядваць ў каляндар ні напярэдадні свята, ні пасля яго. Бо жылі адным днём.

– Падарунак ужо выбраў? – пацікавіўся Воўка.

– У тым і справа, што не, – разгублена вымавіў Мішка. – А горш за ўсё тое, што я і не ведаю, што выбраць…

Сашка здзівіўся.

– Як? Зусім няма ніякай думкі?

Чатыры пары вачэй утаропіліся ў Мішку.

– На Новы год скончыліся ўсе, – з сумам кантаставаў той. – Яшчэ напярэдадні нашага першага сямейнага свята я запытаўся ў Машы: «Что тебе подарить, человек мой дорогой?» Яна ж на здзіўленне адказала: «Кветкі». На той час я хадзіў у неадпрасаваных штанах, таму падарыў ёй прас «Алеся». Наступны раз я таксама пачуў знаёмы адказ: «Кветкі». Падарыў Машы патэльню «Tefal». Маўляў, сама, каханенькая бачыш, што я заўсёды клапачуся і думаю толькі пра цябе. І яшчэ шмат якіх добрых рэчаў па парадах рэкламы падарыў я Машы. А на гэты Новы год яна мне кажа: «Ведаеш, любы, для поўнага сямейнага шчасця нам не хапае толькі кухоннага камбайна. Але я не хвалююся, бо ведаю, што знайду яго пад ёлкай у навагоднюю ноч».

– Як у ваду глядзела, – расчаравана ўздыхнуў Мішка. Мабыць, на гэты раз усё ж падару ёй кветкі. Ніколі не здагадаецца!

І Мішка паставіў на прылавак пустую шклянку.

– Тут ёсць паблізу некалькі кропак, – пачаў прыпамінаць Сашка, – дзе гандлююць кветкамі.

…Праз пяць хвілін мы стаялі каля трох кветкавых крам, якія мелі адну і тую ж назву «Кактус».

Мішка абурыўся:

– Хіба тут знойдзеш ружы?

– Можа, за калючкамі кактусаў разгледзім і ружы, – знайшоўся Воўка.

У першай краме вочы ад кветак разбягаліся ва ўсе бакі, як зайцы ад ваўкоў, але паварухнуцца ў натоўпе не было як. У другой прапанова не задаволіла наш спажывецкі попыт. Толькі ў трэцяй нам пашанцавала.

– Вам што? – запыталася адна з двух маладзенькіх дзяўчат-прадаўцоў.

– Нам…

Мішка разгублена паглядзеў спачатку на нас, а потым на прадаўцоў.

– Якія кветкі вам падабаюцца? – не адступала ад нас другая дзяўчына.

– А нам бы зірнуць…

Нас правялі ў глыб залы, сталі паказваць і адначасова расказваць.

– У першых радах у нас цюльпаны. Вось цюльпан «Галандская прынцэса», вось «White dream», «Парад», «Абба». Далей – ружы. Гэта ружа «Гран-пры», гэта «Foreve young», а гэта «Опіум». Апошні рад – мімозы.

Маладзенькая дзяўчына настойліва запыталася зноў:

– Які ваш выбар?

– А хіт сезона? – знайшліся мы.

– А дарыць вы будзеце ад сэрца, або каб адкруціцца?

Мішка, было відаць, на імгненне задумаўся, але, убачыўшы нашы пільныя позіркі, адразу ж ажывіўся.

– А як жа, – пачаў Мішка, – вядома, ад сэрца.

Хаваючы ўсмешку, адна з прыгажунь сказала:

– Тады вам сюды.

Нам паказалі на дальні кут магазіна. Мы рушылі следам.

– Рамонкі, маргарыткі, нарцысы, ландышы, незабудкі – набор самых модных кветак гэтага сезона.

Мішка здзівіўся.

– Вось гэта?!

Мы паглядзелі на кветкі, а потым на кошт.

– Калі так, то такіх кветак я падару Машы хоць ахапак, – не хаваючы свайго задавальнення, сказаў Мішка. – І ад сэрца, і з задавальненнем, і адкручуся заадно, – раскрыў нарэшце ён свае карты.

…Праз некалькі хвілін кожны з нас выйшаў з магазіна са сваім «хітом сезона».

– А ведаеце, як Пушкін пісаў? – запытаўся Колька.

– Як Пушкін – не, а вось Рубцова чыталі.

І Мішка заспяваў не горш за Аляксандра Барыкіна:

 
Я буду долго
Гнать велосипед.
В глухих лесах его остановлю.
Нарву цветов
И подарю букет…
 

Мішка прыпыніўся.

– А ўсё ж, Сярожа, – сказаў ён мне, – букет рамонак – гэта не кухонны камбайн. Але ж сэрцу не загадаеш…

Тое, што сказаў мне Мішка, ніхто не пачуў, бо ўсе дружна падтрымалі песню, і таму па бязлюднай вуліцы ляцелі радкі на верш Мікалая Рубцова:

 
…Той девушке, которую люблю…
 

Жонка на гадзiну

Аднойчы Антось праглядаў газету і заўважыў на апошняй старонцы аб’яву. Нейкае бюро прапаноўвала патэлефанаваць ім і запрасіць да сябе мужа на гадзіну, які выканае хатнія справы і пазбавіць гаспадыню ад клопатаў.

– Бач ты! – усміхнуўся Антось, закаранелы саракагадовы халасцяк. – Цяпер нават муж на гадзіну ёсць. А жонка?

Ён падышоў да тэлефона, набраў патрэбны нумар: «Зараз пабачым, што такое быць жанатым».

Пачуўся жаночы голас:

– Дзень добры. Вы штосьці хацелі?

– Так, так, – загаварыў Антось. – Я па аб’яве тэлефаную. Тут сказана, што можна заказаць мужа на гадзіну.

– Але.

– Толькі мне муж не патрэбны. Жонку хацеў бы…

На другім канцы дрота ўсё сціхла. А потым усё той жа прыемны галасок адказаў:

– Такіх паслуг мы не прапаноўваем. Але для вас зробім выключэнне.

Дамовіўшыся пра кошт і прызначыўшы час, Антось пачаў чакаць другую палавінку. Думаў, якія хатнія справы задасць «каханай-родненькай», хоць яна мусіла быць такой усяго адну гадзіну.

Нарэшце ў кватэру пазванілі – і Антось пабег да дзвярэй. На парозе стаяла нафарбаваная, модна апранутая маладая жанчына.

– Вы выклікалі жонку на гадзіну?

– Так.

– Ну вось і я, каханенькі! – амаль праспявала жанчына і адразу ж па-гаспадарску пайшла разглядваць кватэру. – Падкажы, калі ласка, колькі мы ўжо жывём у шлюбе?

Антось уключыўся ў гульню.

– А хіба ты не памятаеш, даражэнькая? – пачаў ён гаварыць у такт незнаёмцы. – Гадкоў, мабыць, каля дваццаці.

– Ага. Чаму ж ты тады, дарагі муж, не прыбраў у кватэры? Відаць, увесь гэты час чакаў мяне, седзячы на канапе?

– А як жа! – радасна адгукнуўся Антось. – Вось, думаў, прыйдзе родненькі чалавек, згатуе абед, памые бялізну, прыбярэ…

– Ты што, зусім з глузду з’ехаў? Гэта толькі маладая жонка на такое здольная! А пасля дваццаці гадоў сумеснага жыцця жанчыне, якая выхавала тваіх дзяцей, патрабуецца цішыня. Зразумела?

– Якіх яшчэ дзяцей? – здзівіўся Антось.

– Тых, што ўжо выраслі і недзе гуляюць самі па сабе. Ну, хопіць слоў. Сёння ў мяне добры настрой. Так і быць, памыю табе бялізну і згатую абед. У нас пральная машына ёсць?

– Ёсць, – адказаў Антось.

– Пакладзі ў яе сваю брудную вопратку, насып парашку і націсні на кнопку, – загадала «жонка».

Новаспечаны «муж» усё выканаў.

– Калі машынка спыніцца, не забудзься развесіць адзенне на балконе.

– А што ў нас сёння на абед?

– Паколькі мы з табой на дыеце, то мюслі і зялёная гарбата. Калі гэтага няма, сходзіш у краму і купіш. Так, цяпер твая чарга выконваць сямейныя абавязкі. Памый падлогу, выбі і прапыласось дываны. І не шумі, калі ласка. Не перашкаджай мне размаўляць з сяброўкамі па тэлефоне.

– Што, усе мужчыны так робяць? – удакладніў Антось.

– Пасля дваццаці гадоў сумеснага жыцця – усе. Нават не сумнявайся ў гэтым, каханенькі, – прашчабятала «жонка».

За гадзіну Антось выбіў усе дываны, прапыласосіў іх, памыў падлогу ў кватэры. А яшчэ збегаў у краму і набыў для «палавінкі» мюслі, зялёную гарбату, якую сам ніколі не піў, а сабе купіў пельмені: адзін дзень ён можа абысціся і без дыеты. «Жонка» ж увесь гэты час гутарыла з сяброўкамі па тэлефоне.

Пасля абеду, збіраючыся сыходзіць, яна ўздыхнула:

– Ой, змарылася я ў цябе, каханенькі. Зусім не цэніш ты мяне. Гэта ж трэба, адно і тое ж – прыгатуй, памый, прыбяры… І так двацацць гадоў! Але нічога не зробіш. Калі будзе жаданне, тэлефануй яшчэ: на трыццацігоддзе сумеснага жыцця, напрыклад. Бывай!

Нягледзячы на тое, што Антось замарыўся, як ніколі, у душы ён быў шчаслівы.

– Усе знаёмыя даўно жывуць з жонкамі. Мне ж пашанцавала: пабыў мужам толькі адну гадзіну!

Больш такой паслугай Антось не карыстаўся.

Бесплатный фрагмент закончился.

85 ₽
Возрастное ограничение:
12+
Дата выхода на Литрес:
26 февраля 2019
Дата написания:
2019
Объем:
91 стр. 2 иллюстрации
ISBN:
978-985-581-139-9
Правообладатель:
Четыре четверти
Формат скачивания:
Входит в серию "Несур’ёзна пра сур’ёзнае"
Все книги серии
Аудио
Средний рейтинг 5 на основе 11 оценок
По подписке
Аудио
Средний рейтинг 4,6 на основе 5 оценок
По подписке
Аудио
Средний рейтинг 4,9 на основе 202 оценок
По подписке
Аудио
Средний рейтинг 4,7 на основе 311 оценок
По подписке
Аудио
Средний рейтинг 4,8 на основе 186 оценок
По подписке
Аудио
Средний рейтинг 4,8 на основе 305 оценок
По подписке
Аудио
Средний рейтинг 5 на основе 8 оценок
По подписке
Аудио
Средний рейтинг 4,7 на основе 38 оценок
По подписке
Аудио
Средний рейтинг 4,9 на основе 781 оценок
По подписке
Аудио
Средний рейтинг 4,1 на основе 15 оценок
По подписке
Текст
Средний рейтинг 5 на основе 1 оценок
По подписке
Текст
Средний рейтинг 5 на основе 2 оценок
По подписке